Зараз у эфіры :  Музыка на "Сталіцы"
Далей : 18:00 Навіны
РЭКЛАМА

БДМУ акрэдытаваны на 5 гадоў па стандартах Сусветнай федэрацыі медыцынскай адукацыі
04 Лютага 2022

Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт акрэдытаваны па стандартах Сусветнай федэрацыі медыцынскай адукацыі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ВНУ. Ва ўніверсітэце ўпэўнены: узмацненне канкурэнцыі на сусветным рынку адукацыйных паслуг абумоўлівае неабходнасць адаптацыі адукацыйнага працэсу з улікам агульнапрызнаных сусветных стандартаў навучання студэнтаў. "Міжнародная акрэдытацыя з'яўляецца адной з найбольш дзейсных у свеце мадэлей забеспячэння якасці адукацыі. Для павышэння міжнароднага аўтарытэту і прызнання на сусветным рынку адукацыйных паслуг у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у снежні мінулага года была запрошана знешняя экспертная камісія Незалежнага агенцтва акрэдытацыі і рэйтынгу", - удакладнілі ў ВНУ. Па выніках экспертызы агенцтва БДМУ акрэдытаваны на максімальны тэрмін - 5 гадоў з магчымасцю наступнага прадаўжэння. Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт упершыню атрымаў міжнародную інстытуцыянальную і праграмную акрэдытацыю спецыяльнасцей "лячэбная справа", "стаматалогія" і "фармацыя". Яна пацвердзіла адпаведнасць дзейнасці ўніверсітэта і рэалізуемых адукацыйных праграм патрабаванням стандартаў Сусветнай федэрацыі медыцынскай адукацыі. Такому выніку садзейнічала зладжаная работа экспертнай камісіі, кіраўніцтва і супрацоўнікаў універсітэта, выкладчыцкага складу і студэнцтва. Атрыманне гэтага статусу дае ВНУ шэраг пераваг. У іх ліку міжнароднае прызнанне і супастаўнасць прысвоеных кваліфікацый, павышэнне прывабнасці ўніверсітэта для абітурыентаў і даверу з боку работадаўцаў, а таксама шырокая інтэграцыя ў сусветную адукацыйную прастору і ўмацаванне канкурэнтных пазіцый на нацыянальным і міжнародным рынках адукацыйных паслуг.