Зараз у эфіры :  Для тых, хто не спіць
Далей : 06:00 Гімн Рэспублікі Беларусь
РЭКЛАМА

Лукашэнка: трэба падтрымаць працэс амаладжэння кадраў у НАН, у тым ліку за кошт будаўніцтва жылля
26 Студзеня 2022

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні-нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук станоўча ацаніў працэс амаладжэння кадраў і даручыў падтрымаць яго, у тым ліку за кошт садзейнічання ў вырашэнні жыллёвых пытанняў маладых вучоных, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Галоўны вучоны сакратар НАН Андрэй Іванец у час мерапрыемства падкрэсліў, што ў Беларусі маладзёжная палітыка ўваходзіць у лік дзяржаўных прыярытэтаў. Паводле яго слоў, у навуцы для забеспячэння прытоку моладзі і яе замацавання выбудавана цэласная сістэма: гэта і штогадовыя стыпендыі Прэзідэнта, і гранты ў галіне навукі і адукацыі, і рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў і шмат іншага. У Акадэміі навук таксама ёсць сістэма работы з маладымі кадрамі, створаны розныя стымулы для выяўлення і заахвочвання маладых вучоных. Так, дзейнічае Савет маладых вучоных, які аб'ядноўвае больш за 2,2 тыс. чалавек. За апошнія 5-7 гадоў колькасць маладых вучоных ва ўзросце да 35 гадоў у Акадэміі навук вырасла амаль у два разы - з 18 працэнтаў да 30 працэнтаў, сярэдні ўзрост вучоных у НАН цяпер - каля 45 гадоў, хоць нядаўна ён быў больш за 60 гадоў. "Трэба гэты працэс амалоджвання Акадэміі навук падтрымаць", - даручыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што гэта не азначае, што трэба неяк прыціскаць прадстаўнікоў старэйшага пакалення, насупраць, для вучоных узрост - гэта перавага. "Не трэба гаварыць: давайце павыганяем старых. Няхай працуе, хто можа працаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ж вучоныя! Гэта такі штучны тавар. Раскідвацца імі нельга". Як праінфармаваў кіраўнік НАН, цяпер вядзецца будаўніцтва шматкватэрнага дома для вучоных з выкарыстаннем сучасных распрацовак, па тэхналогіі "разумны дом". "Трэба ім дапамагчы, каб у гэтым годзе пабудавалі, і рэнтабельнасць вельмі нізкую трэба прадугледзець, каб цэны былі прымальныя. І калі вам патрэбны будзе ўчастак - формула адна і падыход адзін: каб не сцягвалі ў Мінск тое, што павінна працаваць у рэгіёнах. Але навука ў нас у асноўным у Мінску... Калі патрэбна нейкая дапамога і падтрымка з участкамі, звяртайцеся непасрэдна, мы яе вам знойдзем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, на пасяджэнні-нарадзе зайшла размова аб развіцці ў Акадэміі навук ІТ-напрамку, дзе таксама задзейнічана шмат маладых кадраў. Паводле слоў прадстаўнікоў НАН, узровень ІТ-спецыялістаў у Акадэміі навук ужо дакладна не горшы, чым у ПВТ. Больш таго, у НАН яны сканцэнтраваны на тым, каб лічбавыя тэхналогіі не былі самамэтай, а выкарыстоўваліся як інструмент для ўкаранення іншых тэхналогій - хімічных, біяінфармацыйных і да т.п. Аб'яднаўшы такіх вучоных, плануецца стварыць ІТ-град.