Зараз у эфіры :  Музыка на "Сталіцы"
Далей : 20:00 Навіны (сіноптык)
РЭКЛАМА

Міжнародная алімпіяда для старшакласнікаў стартавала ў Палескім дзяржаўным універсітэце
02 Лютага 2022

У Палескім дзяржаўным універсітэце стартавала Міжнародная алімпіяда для старшакласнікаў па агульнаадукацыйных і спецыяльных прадметах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю ПалесДУ Крысціна Шастакова. Удзельнічаць у алімпіядзе могуць навучэнцы старшых класаў агульнаадукацыйных устаноў. Для гэтага трэба зарэгістравацца на сайце ўніверсітэта і выканаць конкурснае заданне. Рэгістрацыя і прыём работ адкрыты да 21 лютага. Выкладчыкі ВНУ падрыхтавалі для школьнікаў заданні па асноўных прадметах школьнага курса: беларускай, рускай і замежных мовах (англійская, нямецкая, французская), матэматыцы, праграміраванні (інфарматыцы), біялогіі, хіміі, асновах медыцынскіх ведаў, фізічнай культуры і здароўі, фінансавай граматнасці і "простай эканоміцы". "Задача гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў - выявіць і заахвоціць навучэнцаў, здольных да асваення тых спецыяльнасцей, па якіх рыхтуюць студэнтаў ва ўніверсітэце", - адзначыла Крысціна Шастакова. Алімпіяда складаецца з двух этапаў. Першы, адборачны, праводзіцца ў завочнай форме. Яго пераможцы атрымліваюць права на ўдзел у другім туры, які пройдзе вочна ва ўніверсітэце ў красавіку. Замежныя навучэнцы змогуць удзельнічаць у рэжыме анлайн з выкарыстаннем платформы Moodle. Пераможцы алімпіяды атрымаюць памятныя падарункі і сертыфікаты на наведванне Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны змогуць пабываць на навучальных занятках, спартыўных і культурных мерапрыемствах. Таксама ўдзельнікі, узнагароджаныя дыпломамі I-III ступеняў за перамогу ў профільных выпрабаваннях, маюць пераважнае права на залічэнне ва ўніверсітэт. Міжнародны статус алімпіяда навучальнай установы атрымала летась. Тады ў І туры прынялі ўдзел больш за 1500 старшакласнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі і Казахстана. Удзельнікамі ІІ тура сталі каля 200 навучэнцаў амаль з 50 школ.