Зараз у эфіры :  Музыка на "Сталіцы"
Далей : 16:00 Навіны
РЭКЛАМА

VAL: песню "Да вiдна" спачатку абкаталі на нашай камандзе і фокус-групе
02 Сакавіка 2020

Прадстаўнікі Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2020" - праект VAL у асобе Валерыі Грыбусавай і мультыінструменталіста Уладзіслава Пашкевіча сталі сёння ўдзельнікамі онлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Як прызналіся пераможцы нацыянальнага адбору, "Да вiдна" - гэта іх першая песня на роднай мове. "Мы самі пісалі гэтую песню. Год таму з'явіліся нарысы на вершы маёй прыяцелькі Вольгі Белавусавай, - распавяла Валерыя Грыбусава. - Версія была мінорная, сур'ёзная, драматычная, а потым яна стала мінорна-мажорная. Крыху дадалі танцаў, весялосці. Вядома, немагчыма не сказаць пра беларускі тэкст. Яго напісаў Мікіта Найдзёнаў. Ён адчуў нас і тое, што мы хочам данесці".

Тэкст атрымаўся досыць глыбокі, з пэўнымі паэтычнымі прыёмамі. "У першую чаргу песню абкатвалі на нашай камандзе і фокус-групе. Паказалі Андрэю Каліне - нашаму прадусару", - адзначыў Уладзіслаў Пашкевіч.

"Паказвалі, вядома, нашым сябрам-музыкам. Да праслухоўвання нацыянальнага адбору" Еўрабачання-2020" нідзе трэк не выконвалі. Тады адбылася прэм'ера. А пасля таго, як апынуліся ў ліку 12 фіналістаў, у лютым ужо даволі часта з ёй выступалі. З'явіліся варыяцыі кампазіцыі, нават акустычная версія, - падкрэсліла Валерыя. - Мне вельмі падабаецца наша каманда, яна выдатная. І тое, што зараз у нас такі поспех, - заслуга каманды".

Назва дуэта VАL складаецца з імёнаў яго ўдзельнікаў - Улад энд Лера. "Прыдумала яго мая бабуля. А разам як праект мы амаль 4 гады", - дадаў Уладзіслаў.

Фінал нацадбору на конкурс песні "Еўрабачанне-2020" адбыўся 28 лютага ў самым вялікім павільёне нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і трансляваўся ў прамым эфіры на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Усяго на пуцёўку прэтэндавалі 12 канкурсантаў. Праекту VAL ўдалося атрымаць найбольшую колькасць балаў ад прафесійнага журы і гледачоў - 20 з 24 магчымых. Другое месца падзялілі CHAKRAS і Ян Яраш, якія набралі па 18 балаў.

65-ы конкурс песні "Еўрабачанне" сёлета адбудзецца ў Ротэрдаме (Нідэрланды). Першы паўфінал, дзе выступіць прадстаўнік Беларусі, пройдзе 12 мая, другі - 14 мая. Фінал запланаваны на 16 мая.