Зараз у эфіры :  Для тых, хто не спіць
Далей : 07:00 Навіны
РЭКЛАМА

Выставу да 100-годдзя часопіса "Полымя" прадставяць у Мінску
07 Снежня 2022

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя "І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі "Полымя" адкрыецца 8 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове. Беларускі часопіс "Полымя" ў 2022 годзе святкуе 100-гадовы юбілей. "Гэтая дата стане адпраўной кропкай для выставы. Яе назва цалкам адлюстроўвае і запланаваны экспазіцыйны змест. Амаль для ўсіх маладых літаратараў таго часу, у тым ліку і "палымянцаў", своеасаблівай творчай калыскай стала літаратурнае аб'яднанне "Маладняк", адкуль творцы-пачаткоўцы ўвайшлі ў буйны літаратурны свет. Літаратурнае аб'яднанне "Маладняк" стала той самай свежай плынню ў беларускай савецкай літаратуры і дало жыццё іншым літаратурным аб'яднанням. У яго шэрагах выхавалася цэлая плеяда маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, публіцыстаў, журналістаў, прапагандыстаў роднага слова", - распавялі ў музеі гісторыі беларускай літаратуры. На экспазіцыі будзе прадстаўлены агляд жыцця і творчасці пісьменнікаў міжваеннага перыяду, чые юбілейныя даты адзначаюцца сёлета. Гледачам прапануюць уявіць той час і праз кінематограф. На выставе будзе дэманстравацца ўнікальная каштоўная кінахроніка. "Нават у сваім 100-гадовым узросце "Полымя" не спяшаецца падводзіць вынікі, бо актыўна жыве і рухаецца наперад. Агульная інфармацыя аб часопісе даступная і ў інтэрнэце, і ў бібліятэках. Мы паспрабуем ажывіць час, тыя грамадска-культурныя абставіны, калі ўзнікла "Полымя", паспрабуем паглядзець на даўнія факты па-новаму", - адзначылі ва ўстанове. Літаратурна-дакументальная экспазіцыя "І зноў на хвалі часу. Нязгасныя знічкі "Полымя" ствараецца ў рамках выставачна-асветніцкага праекта па ўвекавечанні памяці літаратараў міжваеннага пакалення "На хвалі часу, у плыні жыцця". Праект створаны ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і выдавецкім домам "Звязда". Работа экспазіцыі працягнецца да 25 лютага 2023 года.