Зараз у эфіры :  Музыка на "Сталіцы"
Далей : 18:00 Навіны
РЭКЛАМА

Выставу жывапісу Бялыніцкага-Бірулі з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея пакажуць у Маскве
13 Мая 2022

Выставу жывапісу выдатнага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі пакажуць у Маскве. Вернісаж пройдзе 17 мая ў галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі музейна-выставачнага комплексу Расійскай акадэміі мастацтваў, паведамілі БЕЛТА ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы. Выстава прымеркавана да святкавання 150-й гадавіны з дня нараджэння майстра. Будзе прадстаўлена 60 жывапісных твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а таксама 6 - з калекцыі Хімкінскай карціннай галерэі імя С.М. Горшына. У экспазіцыю ўвойдуць пейзажы розных перыядаў творчасці мастака, сярод якіх тэматычныя цыклы, невядомыя шырокай публіцы: мемарыяльныя пейзажы, творы з паездак на Кольскі паўвостраў, работы, прывезеныя з экспедыцыі па драўлянай архітэктуры Архангельскай вобласці, выкананыя на яго дачы "Чайка", а таксама ў Беларусі ў 1947 годзе. На думку арганізатараў, выстава дасць магчымасць убачыць творчасць Вітольда Бялыніцкага-Бірулі больш маштабна і шматгранна. У час урачыстага адкрыцця выставы адбудзецца цырымонія афіцыйнага гашэння дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Беларусі і Расіі, прысвечаных 150-годдзю з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У рамках юбілею мастака ў Навукова-даследчым інстытуце Расійскай акадэміі мастацтваў 16-17 мая адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя "Пейзаж у рускім мастацтве другой паловы XIX-пачатку ХХ стагоддзя. Эвалюцыя жанру". На ёй выступяць вядомыя беларускія і расійскія мастацтвазнаўцы, музейныя работнікі, якія абмяркуюць уклад Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў эвалюцыю пейзажа і яго ролю ў развіцці пейзажнага жывапісу ХХ стагоддзя. Аўтар ідэі і каардынатар праекта - генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў.